КАЭФІЦЫЕ́НТ КАРЫ́СНАГА ДЗЕ́ЯННЯ (ккдз),
характарыстыка эфектыўнасці сістэмы (устройства, машыны) у адносінах да працэсу пераўтварэння або перадачы энергіі, які адбываецца ў гэтай сістэме. Ккдз — безразмерная велічыня η, якая вызначаецца адносінамі карысна выкарыстанай энергіі (Wк), пераўтворанай у работу пры цыклічным працэсе, да сумарнай колькасці энергіі (W), перададзенай сістэме: η = Wк/W.
Для эл. рухавіка Wк — работа на вале рухавіка, якая выконваецца за кошт спажываемай ім эл. энергіі; для рухавіка ўнутр. згарання Wк — работа на вале рухавіка, а W — энергія, якая вылучылася пры поўным згаранні паліва. У выніку розных страт энергіі (з-за вылучэння джоўлевай цеплыні, з-за гістэрэзіса, трэння, непаўнаты згарання паліва і інш.), а для цеплавых рухавікоў таксама з-за другога закону тэрмадынамікі ккдз любой рэальнай устаноўкі заўсёды меншы за 1. Ккдз цеплавых электрастанцый дасягае 0,4, рухавікоў унутр. згарання 0,4—0,5, эл. генератараў 0,95, трансфарматараў 0,98.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)